У васілевіцкай школе-інтэрнаце для слабавідушчых правялі практычны семінар-прэзентацыю

10 верасня Васілевіцкую спецыялізаваную школу-інтэрнат для дзяцей з парушэннем зроку наведалі спецыялісты цэнтра сацыяльнай рэабілітацыі інвалідаў па зроку гомельскага унітарнага прадпрыемства “Светатэхніка” грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства інвалідаў па зроку».
У канферэнц-зале Уладзімір Чараухін, які з’яўляецца выпускніком гэтай навучальнай установы і скончыў яе ў 2004 годзе, правёў з навучэнцамі і выкладчыкамі практычны семінар-прэзентацыю “Сучасныя адаптыўныя сродкі ў навучанні і адпачынку навучэнцаў”, у рамках якой распавёў слухачам аб праекце цэнтра сацыяльнай рэабілітацыі “Брайль зіхоткіх вокнаў”, што складаецца з сайта і звязанага з ім аднайменнага ютуб-канала. У склад сайта ўваходзіць раздзел “Сінтэз беларускага маўлення”, які ў ліпені гэтага года, калі навучэнцы былі яшчэ на канікулах, ўзбагаціўся цэлай сям’ёй якасных беларускіх галасоў. Гаворка, у прыватнасці, вядзецца пра галасы Алена, Рыгор, Міхал, Людміла і Даша. Першыя два галасы ўмеюць чытаць толькі па-беларуску, астатнія тры навучаны чытаць і па-руску таксама.
Уладзімір Чараухін уваходзіў у шматнацыянальную каманду распрацоўкі беларускіх галасоў, апрацаваў вялікі слоўнік амографаў, у складзе адной з двух груп тэсціроўшчыкаў удзельнічаў у працы над тэставымі галасамі да выпуску рэлізных версій.
Трэба назваць галоўнага чалавека ў стварэнні беларускіх галасоў RHVoice, беларусы павінны ведаць гэтае імя. Усю праграмісцкую працу ў стварэнні моўнага модуля для беларускай мовы і трэніроўцы ўсёй сям’і вышэйзгаданых галасоў зрабіў харват Званімір Станечыч. Ён па даручэнні першапачатковай распрацоўшчыцы сінтэзатара маўлення RHVoice Вольгі Якаўлевай займаецца распрацоўкай і падтрымкай усіх славянскіх моў. Калі зайсці на сайт праекта “Лабараторыя галасоў RHVoice” ці адкрыць мабільнае прыкладанне RHVoice, спампаванае з афіцыйнай крамы прыкладанняў Google, то па спісе ўсіх створаных галасоў можна пабачыць, як шмат ён зрабіў. У спісе славянскіх моў, што падтрымліваюцца RHVoice ёсць македонская, польская, руская, сербская, славацкая, украінская, харвацкая, чэшская мовы. Цяпер сюды дадалася і наша беларуская мова.
Спіс даступных нам галасоў быў бы значна бяднейшым без уноску Мікіты Цэйкаўца. Гэта невідушчы праграміст з Расіі, які ў 2023 годзе па заказе кіраўніцтва “БелТІЗ” і ўстановы “Цэнтр паспяховага чалавека” даводзіў да працаздольнага стану шырока вядомы ў колах невідушчых беларусаў голас Sakrament Людміла. Мікіта планаваў у далейшым развіваць праект “Sakrament community” і з разлікам на гэта падрыхтаваў некалькі галасавых дата-сэтаў, але не склалася. Мікіта перадаў Званіміру свае матэрыялы і той рэалізаваў на іх аснове сінтэтычныя галасы ўжо пад маркай RHVoice.
Невідушчым Беларусі, якія хочуць карыстацца беларускай мовай у паўсядзённасці, вучобе і працы якасных беларускіх галасоў вельмі не ставала. Гэта вельмі даўняя і балючая мара. Раней, каб прачытаць беларускі тэкст, кожны невідушчы выкручваўся, як мог, наладжваў рускія ці украінскія галасы, каб хаця як-небудзь чытаць, каб хаця зразумела было, не зважаючы на вымаўленне ці націскі. Калі трэба, калі вучэбная ці працоўная задача вымагаюць, то зробіш што заўгодна.
Цяпер жа ўсё змянілася. Цяпер, атрымаўшы ад настаўніка заданне налета прачытаць таго ці іншага беларускага пісьменніка сучасны слабавідушчы вучань мае куды больш шырокі выбар. Можна, як раней, пашукаць твор у аўдыёфармаце. Што-што, але класічныя творы нашай літаратуры агучваліся не аднойчы і рознымі галасамі – можна выбраць дыктара па гусце. Калі твора няма ў аудыёфармаце, то можна пашукаць у сеціве электронны тэкст твора, загрузіць яго ў праграму-чыталку і слухаць новымі беларускімі галасамі у ахвоту, слухаць столькі, колькі хочацца, колькі трэба.
Па шчырасці, цяперашнім навучэнцам школы для слабавідушчых хочацца пазайздросціць. Дваццаць гадоў таму невідушчым вучням падчас пасляабедзенай падрыхтоўкі вучэбны матэрыял чытаў выхавацель, альбо можна было паслухаць, як патрэбны параграф ці главу чытае хто-небудзь з відушчых аднакласнікаў. Цяпер жа кожны слабавідушчы ці невідушчы навучэнец 3-й, 4-й катэгорыі страты здароўя можа, прайшоўшы пры дапамозе афіцыйных прадстаўнікоў адпаведныя бюракратычныя працэдуры, атрымаць ад мясцовых органаў сацыяльнага забеспячэння тэхнічныя сродкі сацыяльнай рэабілітацыі (у прыватнасці гаворка пра сэнсарны тэлефон з сінтэзатарам маўлення), дапампаваць туды неабходныя галасы і праграмы і чытаць вучэбную і мастацкую літаратуру, не баючыся сапсаваць зрок.
У вучняў старэйшых класаў, якія падумваюць пра далейшы шлях і выбіраюць будучую прафесію варыянты таксама пашырыліся, цяпер пры падрыхтоўцы да ўступных экзаменаў руская мова не з’яўляецца адзіным варыянтам, а пры падрыхтоўцы да здачы экзамену па гісторыі Беларусі выбар не абмяжоўваецца лічанымі электроннымі дапаможнікамі на рускай мове, цяпер можна спакойна рыхтавацца і па беларускіх падручніках.
Калі ж і электроннага файла ў вольным доступе няма, то трэба яшчэ раз нагадаць пра такую рэч, як “маракешская дамова”. Можна пры дапамозе выкладчыкаў звязацца па электроннай пошце з нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, падаць туды асабістыя дадзеныя разам зса сканам пасведчання па інваліднасці, зарэгістравацца як невідушчы чытач і па ўсё той-жа электроннай пошце дасылаць у “нацыяналку” запыты на тую ці іншую кнігу. Калі патрэбная кніга ў фондзе бібліятэкі ёсць, супрацоўнікі яе адскануюць, правядуць першаснае аптычнае машыннае распазнанне, потым уручную выправяць памылкі такога распазнання і ў зваротным лісце дашлюць вам цалкам чытэльны электронны файл. Так можна атрымаць любую сучасную кніжную навінку (калі яна, вядома, дайшла да нацыянальнай бібліятэкі), не чакаючы, калі яна праз шмат год якім-небудзь чынам трапіць у вольны доступ. Цяпер шляхі атрымання інфармацыі куды больш прамыя і хуткія.
Падчас семінара слухачам былі прадэманстраваны розныя сцэнары і прыёмы выкарыстання галасоў у розных прыкладных праграмах, якія могуць ужывацца падчас рашэння штодзённых практычных задач на кампутары і мабільнай прыладзе.
Таксама слухачы былі пазнаёмленыя з беларускамоўнымі парсернымі гульнямі, якія яшчэ называюцца гульнямі з клавіятурным уводам. Яны ў дачыненні да школьнікаў могуць мець і дыдактычны сэнс, які заключаецца ў тым, што вучню прапаноўваецца займальны гульнявы кантэнт, створаны цалкам на беларускай мове. Гулец часова апынаецца ў гульнявой сітуацыі, якая апісваецца яму па-беларуску і можа быць агучанай любым беларускім голасам. Тэкставыя гульні вымагаюць ад гульца пільнасці і ўважлівасці да прапанаванага тэксту, умення развязваць лагічныя задачы ў рамках мадэляванай сітуацыі, актуалізуюць слоўнікавы запас і навыкі граматнага пісьма на клавіятуры, бо гульня не толькі апісвае тэкстам сітуацыю, але і чакае ад гульца каман, якія трэба таксама набіраць па-беларуску, пры тым без памылак. Калі вучань зробіць памылку ў дзеяслове ці найменні якога-небудзь аб’екта – гульня пастараецца здагадацца, якое слова ён намерваўся набраць і падкажа, якое слова трэба набраць. У якасці нясумнага трэнажора для чытання і пісьма гэта можа быць неблагім варыянтам. Любы літаратурны твор, выдаткаваўшы дастаткова часу і высілкаў, можна ператварыць у інтэрактыўную гісторыю, і, прайшоўшы яе да канца, чытач-гулец надоўга яе запомніць, бо не проста прабег тэкст вачамі, праслухаў аповед дыктара, але сам умоўна ўдзельнічаў у падзеях, нават эмацыйна, а гэта зусім іншы ўзровень уключэння і ўсведамлення.
У выпадку, калі такі спосаб баўлення часу вучню падасцца цікавым, то гэта можа падштурхнуць вучня да большага чытання ўжо не інтэрактыўнай, а звычайнай кнігі, ці ўзяцца за вывучэнне дакументацыі і самастойнае кадаванне такіх забаўляльных праграм, як першай прыступкі да будучай прафесіі праграміста. Трэба адзначыць што згаданыя парсерныя гульні напісаны з выкарыстаннем адной з сучасных моў праграмавання, мовы LUA.
Спіс згаданых у тэксце рэсурсаў:
1. Сайт “Брайль зіхоткіх вокнаў”
https://reabilitacija.gomelsvet.by/by/
2. Ютуб-канал “Брайль зіхоткіх вокнаў”
https://www.youtube.com/channel/UCwYIetao1PvroHG-UfOzmTw
3. Матэрыял пра выхад беларускіх галасоў RHVoice на сайце
https://reabilitacija.gomelsvet.by/by/2025/07/17/белорусские-голоса-появились-в-много/
4. Сайт “Лабараторыя галасоў RHVoice
https://rhvoice.su/voices
5. Праграма RHVoiceў краме Google Play
https://play.google.com/store/apps/details?id=com.github.olga_yakovleva.rhvoice.android&hl=en-US&pli=1