(і Дар’ю Дарошка, і Уладзіміра Чараухіна)
З 1 па 4 верасня ў Гомелі і Добрышы адбылося два мерапрыемствы, якія зліліся ў адно доўгае свята: 17-ы міжнародны фестываль “Славянскія літаратурныя дажынкі”, які з’яўляецца візітоўкай Гомельшчыны і 29-ы Дзень беларускага пісьменства, які блукаў-блукаў па ўсёй краіне і ўрэшце бабраўся да нашых краёў.
Літаратурныя дажынкі, гэта важлівая пара, калі пісьменнікі Гомельшчыны падводзяць вынікі прамінулага літаратурнага года. Так, адлік тут вядзецца, па-сутнасці, ад верасня да верасня.
На працягу фестывальных дзён на розных пляцоўках горада ва ўрачыстай абстаноўцы праводзяцца прэзентацыі тэматычных альманахаў і кніг, што пабачылі свет цягам года, уручаюцца ўзнагароды пераможцам літаратурных конкурсаў.
1 верасня на сцэне гомельскага гарадскога цэнтра культуры, на ўрачыстым адкрыцці “Славянскіх літаратурных дажынак – 2022”, адбылося ўзнагароджванне фіналістаў паэтычнага конкурса “Город, который мне дорог”, прысвечанага 880-годдзю горада Гомеля. Мая жонка і любімая паэтэса, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Чараухіна, якая друкуецца пад творчым псеўданімам Дар’я Дарошка, атрымала з рук старшыні абласнога аддзялення Уладзіміра Гаўрыловіча дыплом за першае месца. Гэты год аказаўся для Таццяны ўрадлівым: яна таксама стала адным з лаурэатаў конкурса гумару ім. В.Ю.Ткачова і фіналістам адкрытага літаратурнага конкурса, прысвечанага ХХIX Дню беларускага пісьменства “Наш Добруш – душы бясцэнны скарб”.
Уручэнне дыплома Таццяне Фота дыплома
На гэтым жа мерапрыемстве таксама ўзнагароджвалі пераможцаў першага міжнароднага конкурса перакладаў “Сожскія берагі сяброўства”, прысвечанага XXIX Дню беларускага пісьменства, 140-годдзю народных пісьменнікаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа, 130-годдзю Марыны Цвятаевай. Я перакладаў верш Цвятаевай “Мне ўцешна, што вы хворыя не мной” на беларускую мову. Напэўна атрымалася няблага, бо мне далі гран-пры. Нечакана і прыемна.
Уручэнне дыплома Уладзіміру
Фота дыплома
3 верасня мы ўдвох, разам з гомельскімі літаратарамі і расійскімі гасцямі выправіліся ў сёлетнюю сталіцу беларускага пісьменства. Праграма мерапрыемстваў была надта багатая, кожнаму на працягу дня знайшлася справа, і не на адной пляцоўцы. Спачатку ўся дэлегацыя апынулася ў Добрушскім гарадскім грамадска-культурным цэнтры, дзе ўшаноўвалі пераможцаў дзіцячага конкурса чытальнікаў, а таксама пераможцаў абласнога дзіцячага конкурса малюнку “Вясёлка над Тураўскай зямлёй”. На сценах фае дэманстраваліся работы ўдзельнікаў. Юныя мастакі выбіралі кнігу любога з членаў абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў і стваралі малюнкі паводле ўражанняў ад прачытанага.
Сярод работ мы знайшлі і малюнак, зроблены па кнізе Таццяны Чараухінай “Ни при чём”, якая стала лаурэатам прэміі імя Кірылы Тураўскага ў 2020 годзе.
Арыгінальны малюнак. Хлопец і дзяўчына катаюцца на каньках. Бачны дрэвы, на галінах чырвоныя яблыкі, што нагадваюць елачныя цацкі.
Малюнак па Таццянінай кнізе
Потым мы падзяліліся на групы і раз’ехаліся па навучальных установах горада Добруша.
У складзе каманды з васьмі чалавек мы апынуліся ў школе №1. У групе былі трое расійскіх гасцей, старшыня гомельскага аддзялення Уладзімір Гаўрыловіч, члены аддзялення Таццяна Чараухіна і Інна Спасібіна, ну і я, Уладзімір Чараухін.
Кожны выступіў перад навучэнцамі і выкладчыкамі з віншаваннем (доўгім ці кароткім), чыталі вершы. Дзеці прымалі добра, пляскалі вельмі нават шчыра. Школа пакінула па сабе прыемнае ўражанне.
Потым нас чакала пляцоўка “Слова пісьменніка”. Гэта імправізаваная зала на свежым паветры. Мноства сядзенняў для слухачоў пад тэнтам, аудыёапаратура для выступоўцаў. Кожны з мінакоў можа зайсці, пабавіцца тут івыправіцца далей. Сказалі пару віншавальных слоў, прачыталі вершы і тут, наслухаліся іншых удосталь.
Далей была гадзінка вольнага часу. Паблукалі па розных лкацыях святочнай плошчы, памацалі на прылаўку рамесніка-каваля, адпачылі на набярэжнай ракі Іпуці. Наогул незвычайнае для вуха гамялчаніна ўражанне, калі побач шуміць вадаспад. Сож наш ціхоня, якіх пашукаць, а Іпуць мала таго, што паненка жвавая сама па сабе, плынь не па-раўніннаму надта імклівая, а перагароджаная плацінай навогул вельмі булькатлівая і гаварлівая.
Мы на скамеечцы каля Іпуці
У 20 гадзін распачаўся святочны канцэрт. Багата ўрачыстых прамоў, выступленні зорак беларускай эстрады, зборных хароў. Уразіла адна такая песня амаль на самым пачатку, што гучала, па адчуваннях, хвілін дваццаць – нічога так у нас некалі людзі душу адводзілі: узор сапраўднай нескарочанай народнай песні.
Напрыканцы далі салют. Артылерысты сінхранізавалі запускі ракет з гучаннем музыкі. Яго канешне трэба б глядзець, але і паслухаць было што. Паколькі ўсё адбывалася даволі блізка, то на кожны хлапок нешта ў вачах торгалася і міргала. Ці не ў вачах, а гэта вушы намагаліся “замружыцца”? Уяўленню шмат не трэба. Я намаляваў сабе салют напэўна не горш за сапраўдны.
У. Чараухін