Залатая сустрэча

13 красавіка 2022 года ў бібліятэцы-філіяле №17, што месціцца ў Палацы культуры «Касцюкоўка» прайшла сустрэча члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Дар’і Дарошка і гомельскага паэта Уладзіміра Чараухіна з наведнікамі клуба для людзей залатога ўзросту “Бяседа”.
Паэты пазнаёмілі ўдзельнікаў клуба са сваёй творчасцю, адказалі на пытанні пра натхненне, творчы шлях, літаратурныя прыхільнасці і хобі.
Сустрэчу вяла загадчыца бібліятэкі Наталля Аляксееўна Караткевіч. Яна прадэманстравала ўрывак з перадачы Гомельскага радыё «Творцы Гомельскай зямлі», у якой прагучалі вершы пра каханне Дар’і і Уладзіміра. Дар’я прачытала свае творы, што ўвайшлі ў сцэнар спектакля «Кастынг у вёсцы», які адбыўся 27 сакавіка ў Палацы культуры «Фестывальны». І Дар’я, і Уладзімір чыталі вершы на беларускай і рускай мовах, знаёмілі прысутных са сваімі кнігамі, дзьве з якіх («Альтанка» і «Ни при чём»)напрыканцы сустрэчы былі падораныя бібліятэцы з аўтографамі аўтараў. Мерапрыемства доўжылася амаль паўтары гадзіны і атрымалася вельмі цёплым і цікавым.
Аўтары ўдзячныя Наталлі Аляксееўне Караткевіч за падрыхтоўку і правядзенне мерапрыемства.

За фота дзякуй Марыі Караткевіч.