Спектакль “Ищи радость в сердце”, або “Ластаўкі прыляцелі”.

Сапраўднае інклюзіўнае грамадства свеціць нам маяком недзе далёка наперадзе. Да нядаўняга часу людзі з інваліднасцю, і ў прыватнасці людзі з парушэннямі зроку, варыліся ў сваіх замкнёных супольнасцях, ладзілі побыт, працавалі, адпачывалі пераважна ў сваім коле. Адносна нядаўна ў нашай краіне пайшлі размовы пра інклюзію. Сталі ладзіцца праекты, закліканыя да таго, каб зблізіць паралельныя сусветы, намацаць, стварыць, зафіксаваць кропкі судакранання. Да поўнага іх зліцця ў адну жыццёвую прастору пакуль далекавата.

Па старой звычцы інклюзіўныя ініцыятывы раз-пораз зрываюцца да звыклага фармату “інваліды робяць для інвалідаў”. Тым не меней сцежкі-дарожкі цярэбяцца: людзі з тымі ці іншымі фізічнымі недахопамі вынырваюць з “паралельнага сусвету” і апынаюцца ў такіх сферах, дзе іх ніхто раней не бачыў і не чакаў. Завязваецца камунікацыя. Тое, чаго па-сапраўднаму нашае грамадства было пазбаўлена. Мы дадалі ў плэй-ліст “Інтэрв’ю і рэпартажы” матэрыял з канала “БелТІЗ” “2022-07-20 Рассказ о спектакле «Ищи радость в сердце»”.
Гэта аповед пра тое, ці магчыма чалавеку, які нічога не бачыць, узяць і пайсці артыстам ў звычайны гарадскі народны тэатр, знайсці сваё месца ў калектыве і на сцэне, уліцца ў супольны творчы працэс. Вось яна інклюзія, якой яна мусіць быць – супольныя стасункі і праца без аглядкі на тое, хто ты і як ты, галоўнае, каб справу любіў шчыра і выкладваўся на поўніцу – як і ўсе астатнія.
Магчыма, праслухаўшы размову, вы ўспомніце што ў дзяцінстве вы таксама марылі пра тэатр. То ведайце, што нічога немагчымага няма!
Першая ластаўка лётае ў небе, а гэта азначае, што вясна прыйшла! 🙂