У вольны доступ афіцыйна выклалі сінтэзатар маўлення “Sakrament Людміла для Windows

Беларусы, выдатная навіна!
Сінтэзатар маўлення ад кампаніі “Sakrament”, які гаворыць голасам Людміла на беларускай і рускай мовах працягвае жыццё. На замову “Цэнтра паспяховага чалавека” і пры яго фінансавай падтрымцы два расійскія праграмісты Мікіта Цэйкавец і Анатоль Камынін атрымалі ад Sakrament іхнюю тэхналогію, давялі да ладу Людмілу і дадалі ёй sapi5-сумяшчальную версію. Цяпер гэты сінтэзатар можна запусціць на Windows з-пад любой праграмы экраннага доступу альбо “чыталкі”, якія падтрымоўваюць sapi5.
Перасцярога! Каб не было празмерных чаканняў і расчараванняў, трэба загадзя папярэдзіць вас, што зыходная тэхналогія мае істотны недахоп: Людміла робіць вялікія паўзы перад чытанай фразай і пасля яе. У вялікім тэксце, калі запусціць беглае чытанне, гэтыя паўзы, у залежнасці ад выкарыстоўваемага софту, даволі заўважныя. Таму каб ужываць Людмілу ў звязцы з праграмай экраннага доступу, трэба загадзя настроіцца на нетаропкі флегматычны тэмп працы. На імгненнае “лётанне” па элементах інтэрфейсу і пераскокванне з вузла-на вузел трэба пакуль забыцца.
Да таго ж Людміла ад пачатку кепскавата чытала літары пры пасімвальным чытанні, але гэтая праблема развязаная, на колькі гэта льга зрабіць на сённяшні дзень.
Дарэчы, распрацоўнікі абяцаюць, што ў будучыні на базе маўленчага рухавічка ад “Sakrament можна будзе зрабіць і голас з імклівай рэакцыяй на клавішы, але для гэтага трэба будзе начытаць новую галасавую базу.
Тут, магчыма, не абыйсціся без нашай з вамі дапамогі: трэба будзе знайсці беларускага дыктара, студыю гуказапісу і аплаціць паўтары гадзіны іх працы. Уважаючы на вынік (новы беларускі голас), любыя выдаткі акупаюцца.
Галоўнае, што ў майстравітых руках з’явілася тэхналогія, якую можна ў далейшым дапрацоўваць і развіваць!
Ну а цяпер, самае салодкае: спасылкі на ўзоры гучання і на спампоўванне сінтэзатара.
Узор беларускага голаса
Узор рускага голаса
Прамая спасылка на спампоўванне сінтэзатара
Афіцыйная старонка сінтэзатара пад Windows
Тут можна прачытаць апісанне сінтэзатара, падрабязней пра асаблівасці яго выкарыстання і ўсталёўкі.