Люстэрка вядзьмаркі

Кніга-гульня
для вучняў сярэдніх класаў
Інтэрактыўнае апавяданне з казачнымі матывамі

Аб гэтай кнізе

Вы трымаеце ў руках незвычайную кнігу. Гэта жывая кніга, кніга-гульня, кніга-прыгода. Тэкст яе падзелены на часткі-параграфы і перамяшаны. Так што чытаць яе проста, ад старонкі да старонкі, як звычайную кнігу, не атрымаецца. Так вы нічога не зразумееце і не атрымаеце ніякага задавальнення.
Пачніце чытаць кнігу з першага параграфа. У канцы яго кніга папросіць вас перайсці на іншы параграф. Знайдзіце яго ў кнізе і чытайце далей. Напрыканцы яго вам будзе прапанаваны новы выбар. Зрабіце яго і такім чынам рухайцеся да самага канца.
Асаблівасць гэтай кнігі ў тым, што яе два дзейныя персанажы, якімі можна кіраваць. Кнігу можна праходзіць як ў адзіночку - у гэтым выпадку чытач-гулец будзе разважаць і рабіць выбар самастойна, а можна і ўдваіх, і тады кожны з чытачоў будзе гуляць за свайго героя. У такім выпадку, калі кніга просіць выбраць, каму з герояў дзейнічаць далей, то гульцы могуць пагутарыць між сабой і ўгаварыць даць ход менавіта свайму персанажу. Калі ўгаварыць не атрымалася, то справу можа вырашыць кіданне кубіка.
На кубіку выпадзе цотны або няцотны лік. Дапусцім, калі выпадзе цотн лік, то далей дзейнічае Ганька, а калі няцотны, то Міхась.
Ад вашага выбару, або ад ліку, што выпадзе на кубіку залежыць, што адбудзецца далей. Учынкі герояў уплываюць на тое, як да іх будуць ставіцца іншыя персанажы - Усё, як у сапраўдным жыцці.
Дачытаўшы кнігу да канца, вы можаце прайсці яе нанова. І калі вы будзеце абіраць наступныя дзеянні зусім іначай, чым рабілі дагэтуль, то атрымаецца, што гісторыя будзе разгортвацца зусім па-новаму і вы прачытаеце новую кнігу з новымі прыгодамі.
Каб выправіцца ў падарожжа па кнізе вам трэба акрамя самой кнігі мець пры сабе яшчэ кубік, аркуш чыстай паперы, аловак і гумку.
Напішыце на аркушы, адно пад адным, імёны дзеючых герояў: гэта хлопчык Міхась і дзяўчынка Ганька. У далейшым вы будзеце запісваць насупраць імёнаў балы, якія героі заробяць за свае ўчынкі.
Таксама вы мусіце запісваць тут спецыяльныя кодавыя словы, а таксама назвы прадметаў, калі яны будуць атрыманы ці знойдзены.
Час ад часу кніга будзе прасіць вас выпрабаваць удачу і кінуць кубік. Наступныя пдзеі будуць залежаць ад таго, што на ім выпадзе. Кніга раскажа вам, што рабіць, калі выпадзе той ці іншы лік.
Ітак, як ужо раней згадвалася, у гэтай гісторыі ўдзельнічаюць два героі, хлопчык і дзяўчынка, Міхась і Ганька. У кожнага з іх свой характар, свае моцныя і слабыя бакі, якія могуць, як дапамагчы, так і перашкодзіць.
Менавіта таму, абдумваючы сітуацыю, якая склалася, чытач (або чытачы), павінен рашыць, хто з герояў у дадзеных варунках зможа здзейсніць больш удалы ўчынак. Калі выбар акажацца слушным, то дзеючы герой зробіць нешта ўдалае, што дапаможа чытачу яшчэ на крок наблізіцца да развязкі гісторыі.
Паколькі наша гісторыя з'яўляецца яшчэ і гульнёй, то выйграць у канцы яе можа толькі адзін з герояў. Дарэчы, вы заўжды можаце пачаць гісторыю нанава і паглядзець, як усё павернецца, калі дазволіць дзейнічаць іншаму герою.
Цікавага вам чытання!

01

Вясковая хата. Позні Вечар. Гарыць уваткнутая ў сцяну лучына. Побач з ёй сядзіць на лаве з вязаннем бабуля і, пакуль лоўкія рукі робяць сваю справу, бае казку. Вакол яе расселася з тузін дзяцей і, стаіўшы дых, ловяць кожнае слова.
"... Прыйшоў аднекуль князь з дружынай ды ўсталяваў ўладу сваю над нашай мясцінай. Паставіў ён на адхоне ракі драўляны замак з тынамі моцнымі ды вежамі высокімі. Стаў ён сцерагчы раку і наваколле, азіраючы яе з верхатуры сваёй. А за справу гэтую запатрабаваў з абшчын вясковых падатак, ды немалы. І багаты быў князь, не бедаваў у спарудзе сваёй, але ўсё-роўна сквапны быў, мала яму было. "Мне, - гаварыў князь, - дружыну вялікую карміць трэба, замак вялікі ды грозны трымаць. Каб вас, ледзь што, ад варожай навалы абараняць." А набегі рабаўнічыя тады ў нашых мясцінах здараліся, і нярэдка. Купцы, што міма па рацэ плылі, таварам ды грашыма адкупаліся, а мясцовы люд нёс яму траціну таго, што сам на зямлі ўрабляў, або ў рацэ ці лесе здабываў. Ды яшчэ ў самім замку працаваў: драўляныя тыны паднаўляў, валы ўмацоўваў, роў чысціў ды паглыбляў. Цяжкавата людзям жылося пад князем, голадна. Суровы ён быў, аж занадта, часам і несправядлівасць ыніў. Ці доўга ці мала ён так правіў, - працягвала бабуля баяць нетаропка, - зусім страх згубіў - вышэй за сонца сябе ставіў. І вось заманулася яму дуброву высекчы, і сагнаў ён з месца вёску, што пры лесе тулілася, і вядзьмарку разам з імі, яна на ўскрайку вёскі жыла. Угневалася яна моцна на князя і вояў ягоных, але сіле падпарадкавалася і сыйшла з вёскі разам з усімі. Толькі люстэрка сваё з дому прыхапіла, больш нічога з сабой браць не стала.
І вось надыйшоў надвячорак. Бяздомныя вяскоўцы сталі вогнішчы паліць, вячэру гатаваць ды да сну рыхтавацца. А яна маўчком узяла ды пайшла ў бок замка княжацкага.

Перайдзіце на наступны параграф 02

02

Спынілася непадалёк, дастала люстэрка сваё. Тут месяц з-за аблокаў вызірнуў, асвятліў вежы замка. Выцягнула вядзьмарка руку перад сабой, злавіла вежы ў люстэрка і гаварыць пачала: " Надта ты горды, князь, і жорсткі, як цмок! А прападзі ты і замак твой з воч людскіх! І будзе твой замак людзям толькі адбіткам у вадзе паказвацца. І будзеш ты трыста гадоў змеем-вужакам моўчкі маліць, каб добрыя людзі на цябе хаця позірк апусцілі. Горды ты, князь, вой горды! А будзеш ты, калі ізноў на свет з'явішся з замкам сваім, малому ваўчаняці служыць! А слова маё моцнае!" - выкрыкнула яна гэта ды як бразне люстэркам аб валун белы, што побач ляжаў. Пырснула разбітае люстэрка ва ўсе бакі. І тут жа прапаў замак - як і не было яго ніколі.
А ў тых месцах, куды аскепачкі ўпалі - тут жа азёры разліліся. А на дне іх, у глеі, па сённяшні дзень аскепачак таго люстэрка ляжыць.
Ну і нельга такую моцную варажбу безпакарана варажыць - перакінулася вядзьмарка ў ракіту старую. Так што і не адрозніць яе стала ад астатніх дрэў. Так і стаіць яна да гэтай пары, лісточкамі шалахціць.
Людзі кажуць, што калі аскепкі вядзьмарчынага люстэрка разам папазбіраць і скласці, то азёры папрападаюць, а замак на ранейшым месцы з'явіцца. І будзе ў ім гаспадарыць той, хто з яго чары здыме," - скончыла бабуля расказваць.
Перайдзіце да параграфа 08

03

Калі Міхась выйшаў на сухое, то галава шчупака ізноў паказалася з вады, ў некалькіх сажнях ад берага і Ганька, якая трымала ў руках бронзавую аправу, пачула гучны рыбін шэпт:
- Дзякуй вам, добрыя людзі! Калі я вам спатрэблюся, то прыйдзіце на возера і паклічце мяне - я прыплыву. Толькі трымайце ў руках люстэрка гэтае. Не простае яно, а вядзьмарчына. А то не зразумееце вы мяне без яго, - дагаварыўшы гэта, шчупак сыйшоў у азерныя глыбіні, а ўсхваляваная Ганька слова ў слова пераказала ўсё сябру.
Дзеці прыклалі да пальцаў Міхася лісце серпарэзніка і пашыбавалі ў вёску.
Перайдзіце на параграф 29;
Калі ж у вашым аркушы персанажаў запісана кодавае слова "вужака", то перайдзіце на параграф 11.

04

І вось Міхась з Ганькой ізноў на доўгім возеры. Сонца. Залатыя рыбкі на дробнай рабізне круцяцца, гуляюць - ажно вачам глядзець балюча. Вось і белы валун. Здараве-енны - Міхасю па грудзі, шурпаты і аброслы па нізе мохам. А якая са старых ракіт - вядзьмарка зачараваная? Мо вось гэтая самая, чые карані шчупака запаланілі, ці вось тая? Не здагадацца - іх тут шмат. Стаяць - высозныя, старыя - доўгімі сівымі валасамі на вятры пагойдваюць, у вадзе палошчуць.
Спусціліся Міхась з Ганькай да вады, аправу вядзьмарчыну ў руках круцяць, муляюцца. Што ж то далей рабіць ? Не ведаюць. Прыпомнілі нарэшце, як героі ў казках робяць і наважыліся паўтарыць: сталі на краі вады і голасна паклікалі: - Шчупак-шчупак! Прыплыві да нас, як абяцаў!
Сталі чакаць. Не зводзілі вачэй з азернай роўнядзі. І вось, нарэшце, з вады высунулася вострая шчупаковая морда, прасіпела:
- Навошта клікалі мяне?
- Зможаш ты пазбіраць для нас з дна азёраў усе аскепкі вядзьмарчынага люстэрка?
Шчупак памаўчаў, ушчувальна ківаючы галавой. Нарэшце ізноў раскрыў зубастую пашчу:
- Вядзьмарчына люстэрка назад скласці хочаце? У гэтых азёрах шмат рыбы жыве. Звесці іх адтуль трэба. У новыя азёры.
- А вам ёсць куды плысці?
- Але, ёсць. Прынясем мы вам аскепкі чарадзейныя. Толькі не вымайце іх з вады да заходу сонца, іначай усіх нас загубіце - не паспее азёрны народ да новых берагоў сыйсці. Чакайце заходу, - сказаў так і знік - выправіўся сваё племя збіраць.
Перайдзіце да параграфа 26

05

Міхась узмахнуў пужкай, жадаючы гучна шчоўкнуць ёю, як неаднойчы рабіў гэта, калі пасвіў каровы, але канцур яе зачапіўся за галіны куста, што рос побач, і замест шчаўчка пачуўся толькі гучны шолах лісця. Кот на гэта толькі ўздрыгнуў. Ён кінуўся да вараняняці, схапіў яго і знік за дрэвамі.
Нажаль, выратаваць варанянятка не атрымалася. Па траве слізгануў цень крумкача, які вяртаўся. Ён убачыў, што здарылася, і моўчкі паляцеў прэч.

Перайдзіце на параграф 24

06

Князь з паклонам працягнуў свой абруч Ганьцы.
І так перастала быць простая дзяўчынка Ганька, а замест яе з'явілася сапраўдная княгіня, хай сабе і вельмі-вельмі маладая, княгіня - уладарка замка на рацэ. Замак яе з'явіўся з ніадкуль і агарнуў сваёй сілай усё наваколле, ды так, што ад тае пары ніводзін хіжы вораг не мог прайсці гэтай мясцінай углыб неабдымнага гаспадарства, на самым ускрайку якога і тулілася Ганульчына вёска. А набегі рабаўнічыя здараліся досыць часта. Ворагі, па старой памяці, некалькі разоў спрабавалі прайсці скроз гэты край, але ў хуткім часе навучыліся баяцца яго, бо замак і вотчына ягоная былі надзейна атачылі густыя лясы, імклівыя ды глыбокія рэчкі, непралазныя балоты.
Край нібыта адгарадзіўся надзейнай сцяной, скрозь якую не змагло прабіцца ніводнае варожае войска: яны або незаўважна для сябе збочвалі прэч па дзіўных сцежках дзіўных лясоў, або прападалі бяз следу, і ніхто не ведае, што з імі здарылася.
І за гэтай сцяной у міры і згодзе жыў народ княгіні Ганны. А што ж Міхась? Калі надыйшла пара, ён стаў мужам Ганны і зрабіўся князем, мудрым і літасцівым.
Дарагі чытач, вы дачыталі прыгоду да канца. Вы дагулялі да канца гульню. На гэты раз перамагла Ганька. Ці задаволеныя вы прыгодамі, ці задаволеныя вы вынікам? Аднак гэта яшчэ не ўся кніга! Калі ласка, вярніцеся ў пачатак і паспрабуйце прачытаць кнігу па-іншаму. І гэта будзе зусім-зусім новая гісторыя! :-)
Вярнуцца на параграф 01

07

Сказана - зроблена! Дзеці загналі статак вялікіх паважных птушак на Ганькін падворак - гэта былі яе гусі. Хуценька папалуднавалі хлебам з малаком ды выправіліся на возера, што ляжала за светлым гаем, на ўсход ад вёскі.
Перайдзіце на параграф 18

08

Дзеці, якія да гэтай пары сядзелі ціха, як мышкі, каб не прапусціць ніводнага слова, заварушыліся, зашушукаліся. У некага ўжо круцілася на языку пытанне. Калі бабуля баяла казку, ніхто не адважваўся яе перарваць, але пасля таго, як яна сканчвала - абавязкова сыпаліся: "а чаму?", "а як?"
Цяпер нам варта пазнаёміцца з героямі нашай гісторыі - Міхасём і Ганькай. Міхась жыве тут, у гэтай хаце, гэта ягоная бабуля расказвала казкі ўсёй вясковай дзятве. А Ганька жыве побач, да яе ў двор так зручна пералазіць праз штыкетнік у гародзе. Яны вельмі моцна сябруюць, усё і ўсюды разам робяць і надта не зважаюць на кепікі пра жаніха і нявесту. Ну а калі на тое, то ў Міхася і кулакі ёсць! Вочы іх палаюць ад захаплення - у іх галовах яшчэ плаваюць відзежы, навеяныя бабульчыным аповедам.
Але, здаецца, ў некага са слухачоў зараз будзе пытанне?
Кіньце кубік. Калі выпадзе цотны лік, то перайдзіце на параграф 16;
Калі выпадзе няцотны лік, то перайдзіце на параграф 21.

09

Варанянятка было ўратаванае! Дзеці наблізіліся да яго і сталі разважаць, што рабіць з ім далей. Адкуль жа ён зваліўся? Яны задзерлі галовы і пачалі ўглядацца ў спляценні голля. Неўзабаве Ганька згледзела сярод лістоты чорную пляму не надта ахайнага птушынага гнязда - вось якраз такія гнёзды і ладзяць крумкачы. Міхась лазіў па дрэвах спрытней, ды й смялей, таму ён пасадзіў птушаня за пазуху і стаў асцярожна карастацца ўверх. Калі вы думаеце, што лазіць па дрэвах з жывой істотай, якая неспакойна круціцца і драпае кіпцюрамі жывот, не надта складана, то паспрабуйце запхнуць пад кашулю хаця б хатняе кацяня і паспрабуйце!
Хутка казка баецца, ды не хутка справа робіцца! Давялося Міхасю здорава папацець, перш чым ускудлачанае і напалоханае вараняня апынулася ў родным гняздзе. Ну а злезці ўніз, калі ў цябе за пазухай нікога варухлівага няма, і ты не баішся раздушыць яго аб галіну - гэта ўжо справа пары хвілін! Хлопчык саскочыў на зямлю і пачаў абтрасацца.
Перайдзіце на наступны параграф 10

10

Над галовамі сяброў пачулася цяжкае хлопанне скрыдлаў, і нешта ўпала ў траву, проста пад ногі. Рэч хуценька паднялі і сталі круціць ў руках, разглядваць. Гэта аказалася авальная рамка з ручкай, ды прыгожая якая - з чарнавата-карычневага металу! Праўда, брудная вельмі - раўчукі тонкай выцінанкі шчыльна забітыя зямлёй - адмачваць ды адціраць яе адтуль, каб усю прыгажосць вызваліць - яшчэ ці годзе!
- Гэта нам крумкач падарунак зрабіў! - засмяялася Ганька, - за птушаня.
- І што гэта такое? - паціснуў плячыма Міхась, - навошта яно патрэбна?
- А па-мойму, на аправу люстэрка падобна! Вось ручачка, вось рамка, куды само шкло ўстаўляюць. Я такое залетась бачыла ў купца, што на рацэ плыў, ды ля вёскі дзеля мяса ды збожжа спыняўся. Усяго адным глазочкам бачыла. Толькі ўжо надта прыгожая гэтая аправачка! Нашмат лепшая за тое люстэрка, што ў купца.
- Ага, - падхапіў Міхась, - Даражэннае яно - такія толькі князям бы! Нашыя ж ў простыя адпаліраваныя люстэрачкі глядзяцца, з жалеза. Або проста ў ваду. Дзе ж крумкач яго здабыў, і калі?
- А якая розніца? Крумкач яго нам аддаў. Яно цяпер нашае. Міхаська, давай яго да возера аднясем, адмыем - яна будзе блішчаць, як новенькая. Запішыце ў аркушы персанажаў кодавае слова "аправа" і яшчэ пазначце, што крумкач падарыў яе менавіта таму, хто спалохаў ката.
Перайдзіце на параграф 07

11

Дзеці разыйшліся па-хатах.
Назаўтра яны ізноў былі разам. Іх галовамі і ўяўленнем цалкам завалодала бронзавая аправа - гэта ж была аправа ад люстэрка самай сапраўднай вядзьмаркі - бо менавіта так ўчора імвялізны шчупак сказаў! А калі шчупак, які ўмеў размаўляць быў самым сапраўдным і нават дапамагчы калі-небудзь дакляраваў, як гэта часам у казках робіцца, то і вядзьмарка з бабульчынай казкі - самая сапраўдная, і замак зачараваны! А раптам атрымаецца аскепкі вядзьмарчынага люстэрка нанова сабраць і замак старадаўні адчараваць?! Сябры занурыліся, калі ўспомнілі, што ў замку жыве жорсткі князь, але потым ззяючая Ганька ўспомнілапратое, што вядзьмарка загадала яму слугаваць таму, хто замак адчаруе, а таму нікога ў наваколлі крыўдзіць не будзе. І пайшлі яны ізноў на доўгае возера, дзе дзіва-шчупака надоечы ратавалі.
Перайдзіце на параграф 04

12

Доўгая прыплюснутая морда велізарнага шчупака высунулася з вады і разявіла шырокую, як вядро пашчу, утыканую безліччу зубоў-іголак. Ганька заўважыла, як Міхась павольна назад руку з пужкай, каб аглушыць ёю рыбіну. Па захопленым выглядзе і палаючых вачах Ганька зразумела, што сябра ўжо смакуе, як прывалачэ ў вёску гэтакую шыкоўную здабычу. І тут ад вады пачуўся гучны шэпт:
- Не бі мяне, чалавечак! Лепш вызвалі мяне з няволі і я табе аддзячу. Любую рэч з возера дастану - толькі папрасі.
Рука з пугаўём напружылася - Міхась відавочна нічога не чуў і не зразумеў. Дзяўчынка схапіла яго за рукаво:
- Стой, Міхасік! - і хуценька расказала яму, што толькі што пачула. Хлопчык ачмурэла патрос галавой і не на жарт засердаваў: - Ды што ты мне галаву дурыш! - рыбіна схавалася пад вадой, і ён засмучана ўсклікнуў, - вось, усё паляванне мне сапсавала! Уцячэ шчупак - такую здабычу праз цябе выпусціў!
Шчупакова спіна ізноў паказалася з вады і Ганька з усяе сілы ўчапілася ў руку з пужкай:
- Ды пачакай жа ты!
Перайдзіце на наступны параграф 13

13

14

Ганька набрала ў грудзі паветра і, замружыўшы вочы, аглушальна завішчала, як гэта часам добра ўмеюць рабіць дзяўчаты. Міхась, які стаяў поруч, адхіснуўся ад Ганькі ашаломлена патрос галавой, праганяючы звон увушшу: "Ух-х-х!" Ката, канешне, як віхурай здзьмула - толькі трава загайдалася. А вараняня? Вараняня засталося сядзець у траве - на смерць пераляканы кот забыўся на яго з той жа хуткасцю, з якой уцякаў.
Запішыце ў аркушы персанажаў кодавае слова "вараняня", дадайце Ганьцы 2 балы і перайдзіце на параграф 09

15

Міхась не стаў адказваць. Прыгнуўся і зірнуў збоку на змяюку, што звівалася пад зубамі грабляў. Потым выпрастаўся і цвёрда сказаў, пазіраючы Ваську проста ў вочы:
- вы яяе прыбіваць не будзеце. Васёк аж узвіўся:
- Гэта яшчэ чаму?! - Гэта не вужака - залатых рожак абапал галавы няма, - пачаў грунтоўна тлумачыць Міхась, - але і не гадзюка таксама. У галава трохвугольная - нам бабуля расказвала - у галаве, ззаду, гадзюка атруту трымае. А ў гэтага гада, самі бачыце, галава на яйка падобная, як у вужакі. А гэта азначае, што змяя ўсё-ткі не атрутная. Так што вы яе зараз адпусціце.
- Бабу-у-уля! - здзекліва працягнуў Васёк. Гэта было яго памылкай - Міхась не сцярпеў гэтага і, ні слова не кажучы, накінуўся на яго з кулакамі. Васькава грабільна паляцела ўбок, і сплеценыя ў клубок хлопчыкі пакаціліся па траве.
Увага ўсіх прысутных была прыкаваная да бойкі. Толькі Ганька на яе не пазірала. Яна ўбачыла, што чорны з прыгожымі серабрыстымі бліскаўкамі на лусцы гад выкруціўся з-пад пакінутых без увагі грабляў, прыўзняла акуратную галоўку, нібы запамінаючы ўсё, і таропка слізганула ў густую траву.
Запішыце ў аркушы персанажаў кодавае слова "вужака". Дадайце Міхасю 2 балы.
Калі ў аркушы персанажаў ужо запісана кодавае слова "аправа", то перайдзіце на параграф 11;
Калі ў вас такога слова няма, то перайдзіце на параграф 25.

16

Віхрасты хлопчык, што кручіўся на лаўцы побач з Міхасём, дачакаўся, калі гамана хаця на імгненне аціхне і спытаў:
- Бабуля, а чаму вядзьмарка таго князя змяіным называла? Ён сапраўды вужакам быў? А чаму ён ваўчаняці слугаваць будзе? Ты потым раскажаш?
- Ну гэта я і зараз раскажу, - усміхнулася бабуля. - Калісьці на нашых землях жылі два вялікія плямёны. Адны надта шанавалі вужакаў і ўкленчвалі перад імі, а другія шанавалі ваўкоў. Моцна не любілі гэтыя плямёны адно аднаго, варагавалі. У рэшце рэшт тое племя, што вужакам малілася, сыйшло адсюль. Вось той князь з замка і быў з таго народа. А вось наша вёска і астатнія - з тых, хто некалі ваўкам пакланяўся. Нас іншыя плямёны за гэта коратка ваўкамі клікалі, а нашых дзетак - ваўчанятамі.
Перайдзіце на параграф 23

17

Дзеці борздзенька ўскочылі і адступілі да вады - з травы да іх з шоргатам выпаўзала мноства вужакаў. Адзін з іх, поўнасцю чорны, ці не той самы, якога яны ад хлапчукоў адбілі - прыўзняў галоўку, павярнуў яе да здранцвелых ад страху дзяцей і нешта прасіпеў, але тыя яго не зразумелі, бо вядзьмарчынай дзіва-аправы, што дапамагала разумець мову звяроў у іх у руках ужо не было. Дзеці стаялі і, не дыхаючы, дзівіліся, як варухлівае покрыва вужакаў наблізілася да аскепкаў люстэрка і засланіла іх сабой. Вужакі шчыравалі нядоўга. У хуткім часе яны адпаўзлі ўбок і зніклі з вачэй з такой-жа хуткасцю, як і з'явіліся. А на пяску засталося ляжаць абсалютна цэлае люстэрка, у авальную блішчастую роўнядзь якога зазірнулі першыя зоркі.
Ганька падняла люстэрка і павярнулася да ціхага возера. Памарудзіла, успамінаючы, і выцягнула яго перад сабой - бліскучым дагары. Міхась здагадаўся, што сяброўка дакладна паўтарае ўсё, што рабіла на гэтым месцы вядзьмарка трыста гадоў таму. Яму зусім не хацелася ёй перашкаджаць. А тым часам дзяўчынка нахіліла галаву і зазірнула ў люстэрка. Хлопчык раптоўна ўбачыў, што вада ў возеры пацямнела - заходняе неба нешта засланіла, і гэтае нешта было велізарнае. З-за спіны дыхнуў моцны павеў. і ў ім нібыта пачуўся медны жаночы голас, што прамаўляў нараспеў: "... А будзеш ты, як ізноў на свет з'явішся, слугаваць ваўчаняці малому! А слова маё моцнае!..". Міхась рэзка азірнуўся, але там нікога не было. А Ганька, што не адводзіла вачэй ад люстэрка, убачыла усмешлівы твар з круглымі вачамі і драпежна завостранымі рысамі. Твар мільгануў і прапаў. А ў наступны момант у люстэрку паказаліся дрэвы і жаночая спіна з моцна выпрастанай спінай і грывай густых валасоў, што шпарка аддалялася і прапала між камлёў.
Перайдзіце на параграф 30

18

Вось і возера! Крышку выгінаючыся, яно цягнецца з поўначы на поўдзень. Берагі яго зараслі купамі хмызу, дзе-нідзе горбяццца па-над вадой старыя ракіты з шэрай карой і доўгімі галінамі, падобнымі на распушчаныя сівыя валасы. Па беразе ёсць шмат зацішных месцеек, схаваных ад чужых вачэй густым кустоўем, дзе ёсць і зялёны муражок, і жоўценькі пясочак.
У адным з такіх месцеек і зашыліся Міхась з Ганькай. Яны доўга адмачвалі ў цёплай вадзе дзіўную прыгожую рэч, асцярожна адціралі яе пяском і пукамі травы - ім гэта было вельмі цікава.
Нарэшце праца была зроблена і аправа была адчышчаная да канца. Дзеці перадавалі яе адно аднаму, любаваліся надзіва гожа зробленым малюнкам кветак і лісця на авальным обадзе, калі пачулі ўзбоч, у густым цені нізка пахіленай ракіты, гучнае броханне* і пляск хваляў аб бераг. Зацікавіліся, што гэта такі вэрхал узняло і асцярожна рушылі ў той бок. У адзіноце яны наўрад-ці сунуліся б туды, але цяпер жа яны былі ўдвох, а значыцца не баяліся ў наваколлі нікога і нічога, прынамсі, так ім думалася. Сябры на пальчыках наблізіліся да старога дрэва, праслізнулі пад галіны і асцярожна схіліліся над роўняддзю вады, прытрымліваючыся за шурпаты комель. Пад дрэвам было даволі-такі цемнавата, і спачатку яны нічога ў вадзе не разгледзелі. Потым вада ізноў захвалявалася, плёхнула і дзеці, нарэшце, заўважылі вузкую доўгую спіну нейкай вялізнай рыбіны.
Калі бронзавая аправа ў Міхася, то перайдзіце на параграф 22
Калі аправа ад люстэрка ў Ганькі, то перайдзіце на параграф 12
* броханне - гучны пляск, нават боўтанне ў вадзе

19

Ганька набрала ў грудзі паболей паветра, хацела гучна завішчаць і гэтым напалохаць шэрага разбойніка, але на гэты раз у яе завішчаць чамусь-ці не атрымалася. З горла яе замест гучнага крыку вырвалася сіпенне і дзяўчынка раскашлялася. Кот не звярнуў на дзяўчынку ніякай увагі - ён быў ужо побач з вараняняткам. схапіў яго зубамі ды й толькі яго і бачылі!
Шкада, але выратаваць варанянятка сябрам не атрымалася. Па траве слізгануў цень крумкача, які вяртаўся. Ён убачыў, што адбылося моўчкі паляцеў прэч - яму больш не было чаго рабіць на гэтай паляне.
Перайдзіце на параграф 24

20

Князь з паклонам працягнуў свой абруч Міхасю.
І так перастаў існаваць просты вясковы хлопчык Міхась, а замест яго з'явіўся паўнаўладны князь, хай сабе і вельмі-вельмі малады. Замак ягоны ўзнік зніадкуль у вельмі патрэбным месцы і ахінуў сваёй сілай усё наваколле, ды так, што ніякі вораг ад тае пары не мог прайсці гэтымі мясцінамі ўглыб вялікага гаспадарства, на ўскрайку якога і тулілася Міхасёва вёска. А набегі рабаўнічыя тою парой надараліся досыць часта. Ворагі па старой памяці некалькі разоў спрабаваліся ўварвацца ў гэты край, але хутка навучыліся паважаць моц замка, што ўзнік невядома адкуль. Бо роўнядзі вакол было дастаткова, а конніца маладога князя Міхала імклівая, і мячы ды дзіды яе вострыя, і начале яе скакаў былы князь-вужака, што мудрасцю сваёй і мячом верна слугаваў ваўчаняці, як загадвала вядзьмарка.
А што ж Ганька? Калі надыйшла пара, яна выйшла замуж за Міхала і стала княгіняй Ганнай, мудрай і літасцівай. Дарагі чытач, вы дачыталі прыгоду да канца. Вы дагулялі да канца гульню. На гэты раз перамог Міхась. Ці задаволеныя вы прыгодамі, ці задаволеныя вы вынікам? Аднак гэта яшчэ не ўся кніга! Калі ласка, вярніцеся ў пачатак і паспрабуйце прачытаць кнігу па-іншаму. І гэта будзе зусім-зусім новая гісторыя! :-)
Вярнуцца на параграф 01

21

Маўклівая дзяўчынка ў дальнім кутку, што сядзела цішэй за ўсіх, не ўзнімаючы вачэй ад стала, нечакана прамовіла:
- А я, здаецца, бачыла ў вадзе замак, якога няма, - дзеці ізноўку прыціхлі і яна, паружавеўшы, працягнула, - Гэта ў тым доўгім возеры, што за гаем, на ўсход ад вёскі. Сядзела я надвячоркам на муражку, пры самай вадзе, вянок даплятала. А потым гляджу на ваду і бачу - дрэвы высокія ў ёй люструюцца, прыгледзелася, ажно гэта не дрэвы, а доўгі тын, з бярвенняў складзены, і вежы над ім са спічастымі дахамі. І яшчэ дахі панад тынам тырчалі. Вось, - скончыла яна і ўтаропілася ў падлогу.
Дзеці недаверліва зашумелі, сталі казаць, ці мала што адвячоркам у вадзе прымроіцца. Хтосьці з малечы таксама прыгадаў, што бачыў у возеры вялізны дом, якога няма на беразе. Старэйшыя дзеці заспрачаліся гучней. Урэшце бабуля прыкрыкнула на ўсіх і суняла гармідар.
Перайдзіце на параграф 23

22

Міхась, убачыўшы такую багатую здабычу, захоплена ўздыхнуў і пачаў асцярожна адводзіць руку з пугаўём, каб, калі падвернецца ўдалы момант, моцным ударам аглушыць рыбіну - хвацкая юшка сёння ў іх дома будзе! Вось усе пабачаць шчупака і скажуць, што ён, Міхась, удалы здабытчык, не горшы за даросшых. У другой руцэ хлопчык сціскаў ёмістае дзяржальна аправы. Вось вада ізноў зашумела, плёхнула на бераг, абліўшы босыя ногі дзяцей і з узбуранае вады, у атачэнні вілаў, што шпарка пабеглі ўбакі, высунулася зубастая галава проста такі велізарнага шчупака. Рука Міхася напружылася, гатовая ўкласці ўсю сілу ў адзін хлёсткі ўдар, але тут здарылася дзіва нечуванае - шчупак разявіў шырокую, як вядро, утыканую вострымі зубамі пашчу і хлопчык, не даючы рады вушам сваім, пачуў гучны і выразны шэпт:
- Не бі мяне, чалавечак! Лепей вызвалі мяне. Я табе за гэта аддзячу. Любую рэч для цябе на дне возера знайду.
- Ух ты-ы! - выдыхнуў хлопчык у захапленні і павярнуўся да Ганькі, што ўчапілася яму ў руку, - Шчупак размаўляе са мной, як у казцы!
- Я ўсё чула! Давай дапаможам яму, - тут жа вырашыла яна і стала ўгаворваць сябра, - гэта ж няпросты шчупак - нельга яго пужкай біць. А што, калі ён нам і сапраўды некалі таксама дапаможа?! - Ды я і сам гэтаксама мяркую, - пагадзіўся хлопчык, пазіраючы на рыбіну, і звярнуўся да яе, - чуеш, шчупак, ты зубы-то схавай, га? А то мне непамысна неяк. Я зараз у ваду палезу.
Шчупак кемліва закрыў зяпу і схаваўся пад вадой. Міхась падаў аправу Ганьцы, каб патрымала, а сам палез у возера, хаця ў яго ад хвалявання каленкі дрыжалі.
Запішыце Міхасю 2 балы і перайдзіце да параграфа 33

23

Усё, дзеткі, позна ўжо, - стала бабуля заканчваць вечар казак, - Разбягайцеся-ткі па-хатах, павячэрайце ды спаць кладзіцеся. А заўтра адвячоркам новыя казкі будуць.
А назаўтра Міхась з Ганькай пайшлі на лужок гусі пасвіць. Гусакі ходзяць, валюхаючыся, доўгія белыя шыі выцягваюць, а дзеці ўзбоч на траўцы сядзяць. Ганька нарвала ў падол краскі і перабірае іх у пальцах, пялёстачкі гладзіць. Міхась пужкай гуляецца, прымушае вяроўчыну звівацца па зямлі кольцамі, нібы вужака. Ужо і сонца над галавой - час ўжо і гусі дамоў гнаць. І раптам чуюць яны - ад дрэваў, што непадалёк купай растуць вэрхал нейкі ўзняўся, варона адчайна каркае. Глянулі ў той бок - чорныя крылы між камлямі мільгаюць. Вялікая чорная птушка ў паветры кружляе, падае ўніз і ізноў узнімаецца. І гарлае без перастанку. Сябры гэтую птушку добра ведалі - здаравенны стары крумкач, ужо нават і не чорны, а месцамі сівы зусім, даўным даўно жыў у той купе дрэваў. Часта яны бачылі, як ён блукаў ў траве - чорны сярод зялёнага, нібы абсмаленая дзеравяка, як лунаў ён у небе, прызвычаіліся да яго. А тут нешта ўстрывожыла яго - вырашылі дзеці схадзіць ды глянуць.
Перайдзіце на параграф 28

24

Засмучаныя няўдачай дзеці вярнуліся да гусей, пазбіралі іх у гурт і пагналі дамоў. Гусі паважна валюхаліся па вуліцы, а дзеці пахмурна ішлі следам. Міхась нават з пужкай перастаў гуляцца, нёс яе пад пахай. Загналі яны нетаропкую птушыную гурму на Ганьчын двор - гэта былі яе гусі, папалуднавалі малаком ды хлебам і выйшлі ізноў на вуліцу. Па гаспадарцы ім пакуль што дапамагаць больш не трэба было і сябры вырашылі трохі прагуляцца па вёсцы.
Перайдзіце на параграф 29

25

А назаўтра, раным раненька, яны выправіліся ў лес па грыбы. У лесе панаваў урачысты спакой. Празрысты белаваты туман лунаў між цёмных камлёў, пласталіся між іх ружовыя слупы ранішняга сонечнага святла. Пахла свежасцю і грыбамі.
Сябры ішлі ўздоўж сцяжынкі, пацепваючыся ад халадку, час ад часу збочвалі, нахіляліся. Сыпаліся ў кошыкі падасінавікі, рыжыкі, падбярозавікі, белыя грыбы.
Кіньце кубік і выпрабуйце ўдачу герояў.
Калі выпадзе 1-3 - пашанцуе Міхасю, дадайце яму 2 балы;
калі выпадзе 4-6 - пашанцуе Ганьцы, дадайце ёй 2 балы.
Перайдзіце на параграф 31.

26

Няма чаго рабіць - трэба цярплівасці да вечара набрацца. Дзеці вярнуліся дамоў і пастараліся адцягнуцца ад вострай цікаўнасці, што поедам ела іх, ў справах па гаспадарцы, старанна дапамагаючы бацькам, чым толькі можна, абы толькі забыцца на час пра возера і аскепкі чарадзейнага люстэрка.
Але вось і надвячорак, і сябры ізноў ля белага валуна. Наблізіліся да яго і тут жа ўбачылі на мелкаводдзі, на жоўценькім пясочку россып бліскучых аскепкаў, у якіх палымнела закатнае неба. Пабачылі і дружна ўздыхнулі, не кранулі іх, як шчупак і прасіў. Ускарасталіся на цёплы каменны лоб і сталі цярпліва чакаць, калі сонца ў далёкі зарэчны лес сядзе.
Вось і лёгкае сутонне бераг ахінула. Сонейка апусцілася за лес. Цёмныя шаты старых ракіт вымаляваліся на фоне зырка палымнеючага неба. Сябры вырашылі, што час прыспеў, спусціліся да вады і павылаўлівалі з яе ўсе аскепачкі да аднаго. Расклалі іх на шчыльным, уляжалым пяску, паклалі побач аправу і тут трава за імі моцна зашамацела. Яны азірнуліся і Ганька гучна завішчэла з перапуду.
Перайдзіце на параграф 17

27

Міхась надзьмуўся і вызваліў руку. Абяцанкі Ганькі не зацікавілі яго і ён рашыўся выпрабаваць-такі сваё рыбалоўнае шчасце яшчэ раз, тым больш, што рыбіна чамусьці не адплывала, а працягвала кружляць на месцы, успорваючы ваду асцістымі спіннымі плаўнікамі. Ён зрабіў крок да вады і зноў узняў руку для ўдару. І дзяўчынка, бачачы гэта, пхнула металічную аправу яму ў грудзі: - На, патрымай! - і скокнула ў ваду. Міхась міжволі ўхапіў рэч вольнай рукой. Тут шчупак ізноў вынырнуў і зніякавеламу Міхасю давялося-такі ўпэўніцца, што Ганька не маніла яму, калі расказвала, што шчупак размаўляў з імі чалавечым голасам - ён сам, на свае вушы пачуў яго. Ну голас быў, канешне, не зусім звычайным, а такім, калі моцна застудзішся і з горла вырываецца адно толькі сіплы шэпт. Але шчупак, несумненна, гаварыў чалавечай мовай:
- Не трэба мяне біць! - даляцеў ад вады гучны шэпт, - лепей вызваліце мяне і Я вам службу саслужу.
міхась вышмаргнуў Ганьку з вады, як перайка і рашуча палез у ваду сам - мяма чаго дзяўчынцы рабіць побач з велізарным шчупаком, дарма што той сам аб дапамозе просіць!
Запішыце Ганьцы і Міхасю па адным бале і перайдзіце на параграф 33

28

Дзеці працерабіліся скрозь кустоўе і апынуліся на палянцы. Пад адным з дрэваў, у траве, уцягнуўшы галоўку ў плечы, сядзіць чорненькае вараняня і паблісквае спалоханым вочкам. Над палянай з немым крыкам лётае велізарны стары крумкач і крылы яго раз за разам засланяюць неба. Ну а ў некалькіх кроках ад птушаняці прыціскаецца брухам да долу шэры кот. Поўсць яго ўздыбленая, вушы прыціснутыя, хвост нярвова па баках торгаецца. Кот неадрыўна сочыць за крумкачом, асцерагаецца пад моцную дзюбу трапіць. Вось крумкач ізноў узлятае ўверх, а кашак напружыўся - цяпер яго ўвга цалкам засяроджаная на перапалоханае вараняня. Вось-вось скочыць кот і схопіць яго.
Трэба тэрмінова ратаваць вараняня!
Кіньце кубік.
Калі на кубіку выпала 1 або 2 і вы абралі Міхася, то перайдзіце на параграф 05
Калі выпаў лік ад 3 да 6 і вы абралі Міхася, то перайдзіце на параграф 34
Калі выпала 1 або 2 і вы выбралі Ганьку, то перайдзіце на параграф 19
Калі выпаў лік ад 3 да 6 і вы выбралі Ганьку, то перайдзіце на параграф 14

29

На краі агародаў, там, дзе заканчваюцца разоры і пачынаецца буйнатраўе і кусты, Міхась з Ганькай згледзелі гурму хлопчыкаў. Тыя нечым захоплена займаліся і гучна гаманілі. Сябрам стала цікаўна і яны наблізіліся. А калі падыйшлі бліжэй, то выявілася, што хлопчыкі натыкнуліся тут на вялікую чорную змяюку і цяпер намагаліся забіць яе граблямі, якія якраз мелі пры сабе, вяртаючыся з пакосу.
Міхась з Ганькай пераглянуліся. У вачах Ганькі пляскаўся востры жаль. Міхась таксама шкадаваў гада, які трапіў у незайздроснае становішча. Гнуткае ільснянае цела змяюкі выгіналася і кідалася ў траве, унікаючы жорсткіх тычкоў. Міхась з Ганькай уклініліся ў захопленую гурму. Сяго-таго адціснулі ўбок і гэтым тут жа прыцягнулі ўвагу да сябе. Змяю ў гэтую хвіліну злаўчыліся прыціснуц,ьале нічога рабіць з ім не сталі, а абступілі нашых сяброў.
- Ну, чаго ўлез? - незадаволена спытаў Міхася высокі і танклявы, моцна падобны на выліваху*, белагаловы Васёк - даволі лоўкі, праўду сказаць, майстра на конт вудзільна. Ну ды гэта не дзіўна, бо ягоны бацька - дзядзька Рыгор - першы на ўсю вёску рыбаль - аблазіў ўсе навакольныя рэчкі ды азёры ўздоўж ды ўпоперак - Не бачых хіба, гадзюку злавілі! Скажы дзякуй, што не наступіў на яе яшчэ! - ганарліва скончыў Васёк, - зараз прыб'ем. Ці ты супраць, га?
Тут нехта з нашых герояў павінен адказаць. Хто гэта зробіць?
Калі Міхась, то перайдзіце на параграф 15;
Калі Ганька, то перайдзіце на параграф 32.
* выліваха - белая чапля.

30

Калі Міхась з Ганькай ізноў перавялі позірк на возера, то яго на месцы ўжо не аказалася - замест яго чарнела роўнядзь запоўненага вадой рова, накрытая густым ценем ад высозных зубчастых сценаў, над якімі ўзносіліся ў неба высозныя спічастыя дахі кутных вежаў. Праз роў быў апушчаны мост, а з непрагляднага правалу брамы павольна выязджала невялікая кавалькада, азораная мітуслівым святлом рудых паходняў. Дзеці заварожана глядзелі, як вершнікі набліжаюцца і абкружаюць іх паўкругам. Адзін з іх саскочыў на зямлю і падыйшоў да дзяцей ушчыльную. Пастаяў, апусціўшы рукі ўздоўж цела. Потым рукі яго ўзняліся і павольна знялі з галавы вузкі металічны абруч - знак княжацкай улады. Потым аблітая варанёнай кальчугай постаць неахвотна стала на калена, потым на абодва. Горды, вох які горды быў князь-вужака!
Каму ж дастанецца княжацкі абруч? Дарагі чытач, падлічыце колькасць балаў, заробленых Ганькай і Міхасём за час прыгодаў.
Калі больш балаў атрымаў Міхась, то перайдзіце на параграф 20;
Калі больш балаў атрымала Ганька, то перайдзіце на параграф 06.

31

Увагу аднаго з сяброў прыцягнула вузкая цёмная шчыліна дупла. Не асабліва высока і шырыня дастатковая, каб рука прасунулася. А ну як там адшукаецца вавёрчына хованка з арэхамі? Вось здорава будзе! Дабрацца да гнязда - гэта раз плюнуць. На ўсялякі выпадак паварушыць у цемрыве палачкай і, нарэшце, рука запушчаная ў саменькую сэрцавіну цемрыва. Далон адчувае дробную парахню і знячэўку наткнулася на нейкі цвёрды і халодны прадмет. Здзіўленню няма межаў. Здабыча выцягнута на свет Божы. Ну і што ж гэта такое? Нейкая авальная рамка з ручкай. Усё цалкам з цемнаватага металу. Падобна на тое, што рэч упрыгожаная цікавай выцінанкай, але надта ўжо яна брудная - нічога толкам не разгледзець. Сябры пераглянуліся і кінуліся да найбліжэйшай азярыны.
Запомніце, а лепей запішыце, каму з сяброў пашанцавала зрабіць цікавую знаходку.
Запішыце ў аркушы персанажаў кодавае слова "аправа" і перайдзіце на параграф 18

32

Ганька яшчэ раз з вялікай шкадобай зірнула на прыціснутага да зямлі гада і звонкім ад унутранага напружання голасам сказала:
- Я супраць! Не трэба яе забіваць! Хіба вы не бачыце, што ў змяі галава не як у гадзюкі? - бачачы, што гэтыя яе словы нікога не пераконваюць, яна смела смела прысела побач са змяёй і тыцнула ў яе бок пальцам, - Глядзіце яшчэ. У гэтай змяі зрачок круглы. А ў гадзюк ён шчылінкай, як у коткі.
Збянтэжаны такой абазнанасцю Васёк усклікнуў:
- Ды адкуль ты гэта ведаеш?!
- А вось і ведаю! - горда выпрасталася дзяўчынка, - мне Паўлюк расказаў, каб я не баялася кожнай змяі. Ён так і сказаў, што калі ў змяі зрачкі не шчылінкай, то баяцца яе не трэба!
Васёк на гэта хмыкнуў і пацёр вуха. Даў знак і граблі прыбралі. Вызваленая змяя прыўзняла акуратную галоўку, недаверліва павяла ёю па-баках і імкліва слізганула пад куст. Міг, і чорны хвост прапаў з вачэй.
Дзеці разыйшліся ў бакі. Хлопцы пайшлі сабе, а Міхась з Ганькай - сабе.
Запішыце ў аркушы персанажаў кодавае слова "вужака", дадайце Ганьцы 2 балы і перайдзіце на параграф 11;
Калі ў вас такога слова няма, то перайдзіце на параграф 25.

33

Хлопчык зайшоў па пояс у ваду і стаў ўсляпую мацаць пад вадой. Пальцы яго даткнуліся да круглага склізкага рыбінага бока і ўзяліся абмацваць яго, шукаючы адказу на тое, у якую пастку трапілася рыбіна. Выявілася, што шчупак завязаў пятлёй і сарваў дзесь-ці трывалую вяроўчыну ад доннай снасці. Так і цягаў яе на сабе, не ў змозе пазбавіцца ад яе. А ля гэтага берага вольны канец вяроўкі ўблытаўся ў карэнне старой ракіты ды, як магутная рыбіна ні сілілася, ў другі раз на волю яе ўжо не выпусціў. Пятля моцна ўгрызлася ў тулава, і нават пад жабры трохі залезла, прыносячы рыбіне вялікія пакуты. Так бы Шчупаку і загінуць тут, на прывязі, паганай галоднай смерццю! Міхасю давялося добра папрацаваць, каб расслабіць і зняць вяроўку. Шчупак стараўся хлопчыку не замінаць і вісеў у вадзе бязвольным бервяном, але яму ўсё-ткі было нялёгка, яму было балюча, і таму ён пару разоў даволі моцна таргануўся, парэзаўшы свайму збавіцелю пальцы вострымі накрыўкамі жабраў.
Але вось у рэшце рэшт справа была зробленая і Міхась з палёгкай выпрастаўся. Шчупак слізгануў пад вадой на глыбіню - падалей ад здрадніцкай ракіты і яе карэння.
Перайдзіце на параграф 03

34

Міхась рэзка ўзмахнуў заціснутай у кулаку пужкай і яна гучна шчоўкнула ў паветры, нібы тоўсты сук раптоўна зламаўся. Гэты гук моцна спалохаў ката і той стралой кінуўся ўбок, забыўшыся на сваё паляванне ды й толькі яго і бачылі!
Запішыце ў аркушы кодавае слова "варанянятка", дадайце Міхасю 2 балы і перайдзіце на параграф 09