З 25 моў свету – на беларускую

Дар’я Дарошка і Уладзімір Чараухін сёлета ізноў паўдзельнічалі ў перакладчыцкім праекце. На гэты раз перакладалі на беларускую аўтараў з Кыргызстана, Сербіі і Паўднёвай Асеціі.
Далей прыводзім артыкул з іншай крыніцы.
Гомельскае абласное аддзяленне ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” завяршыла ўнікальны праект – прафесійныя літаратары і маладыя аўтары пад іх куратарствам перавялі на беларускую мову больш за 40 паэтаў з 25 краін свету.
Як адзначыў старшыня пісьменніцкай суполкі і кіраўнік міжнароднага перакладчыцкага праекта па Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч, у пачатку бягучага года ў аргкамітэт фестываля “Берагі дружбы” звярнуўся калужскі паэт Вадзім Цярохін, член каардынацыйнага савета сусветнага паэтычнага руху “Свет без сцен”, з прапановай рэалізаваць сумесны праект “Зямля – наш агульны дом”.
Адважыцца на такую складаную працу было цікава, але дужа складана і вельмі адказна, адзначыў Ул.Гаўрыловіч. Расійскія пісьменнікі  на чале з Леанідам Северам узялі на сябе пераклады вершаў аб агульначалавечых каштоўнасцях з родных моў на рускую вядомых паэтаў з В’етнама, Ганы, Бангладэш, Індыі, Калумбіі, Украіны, Расіі, Азербайджана, Узбекістана, Казахстана, Таджыкістана, Босніі і Герцагавіны, Сербіі, Турцыі, Узбекістана, Італіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Косава і іншых краін, а гомельскія літаратары-перакладчыкі ўзяліся за перастварэнне на беларускую мову дзесяці вершаў кожнага замежнага аўтара.
Разам з тым, шаснаццаці членам абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, якія маюць прафесійныя навыкі мастацкага перакладу, было вельмі складана справіцца з велізарным аб’ёмам прадстаўленага з-за мяжы матэрыялу. Таму арганізатарам прыйшлося рызыкнуць і прыцягнуць да гэтай працы шэсць маладых гамяльчан, якія паказалі паспяховасць сваёй перакладчыцкай працы ў папярэднія гады, удзельнічаючы ў праекце “Берагі дружбы”. У выніку – чатыры месяцы ішла напружаная творчая праца. Пры чым, пісьменніца Тамара Кручанка працавала над перакладамі адразу трох замежных паэтаў, а Ніне Шкляравай, Дар’і Дарошка, Галіне Рагавой, Алегу Ананьеву, Вользе Раўчанцы, Але Бяльковай, Лідзіі Долбікавай і Наталлі Шамятковай, Алёне Алёшынай выпала перастварыць вершы адразу двух замежнікаў. Сапраўдны прафесіяналізм праявілі таксама паэты Мікалай Ждановіч і Міхаіл Болсун, Святаслаў Крупенька і Іна Зарэцкая, Ганна Атрошчанка і Лідзія Возісава. Дарэчы, у савеце абласнога аддзялення СПБ падкрэсліваюць і рост прафесіяналізму маладых аўтараў-перакладчыкаў Вольгі Грынь, Надзеі Петрачук (Філон), Уладзіміра Чараухіна, Аліны Рыцік і Ульяны Пятрэнка. Агульным вынікам творчай працы стануць два вялікія кніжныя выданні перакладаў. Кніга на нашай        мове, як мяркуецца, будзе выдадзена пры падтрымцы нацыянальнай аўтаноміі “Беларусы Расіі” і прадстаўлена чытачам у самай бліжэйшай перспектыве.
Аўтар: Мікалай ІГНАТОВІЧ.
Дата: 25.05.2022
oo-spb.by